3 чэрвеня ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці ў 18.00 адбудзецца адкрыццё выставы "Рухаўскія дываны".

— Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых менавіта з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых рухаўскіх дываноў, — распавялі ў Цэнтры. — Выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, які мае распаўсюджанне ў в. Рухава, аг. Палажэвічы, г. Старыя Дарогі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, унесены ў 2020 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярына Максімаўна Русаковіч (1925—1997). Яе спосаб выклікаў захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсім Савецкім Саюзе. Творца натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк (1924—2007) і Марыя Міхайлаўна Русаковіч (нар. 1943).
Апошняя выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне. На занятках у гуртках Цэнтра рамёстваў майстры, захоўваючы традыцыі вырабу дываноў, перадаюць свае веды маладому пакаленню, якое лічыць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і па праве ганарыцца таленавітымі продкамі.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано буйнога памеру, дэкараваныя аплікацыяй з саломкі яскравых колераў па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхні пачынаецца з галоўнага, цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краях дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў.
Дэкаратыўныя і жыццярадасныя рухаўскія дываны арганічна і натуральна ўключыліся ў традыцыйны беларускі інтэр’ер побач з вырабамі ткацтва, карункамі і іншымі ўзорамі народнай мастацкай творчасці. У рухаўскіх дыванах спалучыліся як дасягненні ўласна аплікацыі саломкай, так і іншых відаў народнага мастацтва: маляваных дываноў, тканых посцілак, вышыўкі.
У вырабах старадарожскіх майстрых адлюстравана душа народа, яго характар, лад жыцця, пачуцці і ўяўленні аб лепшым жыцці. У сённяшняе жыццё рухаўскія дываны таксама ўносяць святочнасць і прыгажосць, уваходзяць у сучасны побыт як мастацкія творы, сувеніры, памятныя падарункі, што адпавядаюць эстэтычным ідэалам нашага народа, захаваным і перададзеным старэйшымі майстрамі маладому пакаленню.
Падчас працы выставы 20 чэрвеня а 12-й гадзіне будзе праведзены майстар-клас ад лепшых майстроў Старадарожшчыны. У экспазіцыі арганізаваны інтэрактыўны куток для дзяцей, дзе яны праз гульню могуць лепш пазнаёміцца з рухаўскімі дыванамі.
Выстава будзе працаваць па 28 чэрвеня.
Месца правядзення: мастацкая галерэя "Цэнтр" ДУ "Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці"
Адрас: Мінск, вул. Гікалы, 4
Служба інфармацыі “К”